Малады спецыяліст, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Харытонава Маргарыта Юр’еўна
З дзяцінства я марыла стаць настаўнікам. Выбраць гэтую прафесію мне дапамагла Пярова Галіна Мікалаеўна, настаўнік пачатковых класаў Рагозніцкай сярэдняй школы, у якой вучылася. Я заўсёды ўспамінаю яе словы: “Настаўнікам трэба нарадзіцца і толькі пасля гэтага – стаць”. Я ведаю, што ўнутры, у глыбіні сэрца павінна быць гэта прызванне. Мяне заўсёды здіўляла яе энергічнасць, нястомнасць і бясконцае жыццялюбства. Я захацела быць падобнай на Галіну Мікалаеўну і вырашыла стаць настаўніцай.
Мне ў жыцці шанцавала. У сёмым класе школьны лёс звёў мяне з цудоўным чалавекам, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Антанінай Альбінаўнай Лудзіч. Цікавасць да роднай мовы і літаратуры прывяла мяне да ўдзелу ў раённых алімпіядах па прадмету, у якіх я кожны год займала прызавыя месцы. Гэта і стала падставай для атрымання вышэйшай адукацыі ў Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Янкі Купалы на філалагічным факультэце.
Вось і першыя крокі ў маёй прафесіі. Я стала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Мікелеўшчынскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе. На свой першы ўрок я ішла, нібы на экзамен. Хваляванне, перажыванне, інтарэс. А як мяне ўспрымуць вучні? Ці будзе ім са мной цікава? Гэтыя пытанні мяне непакоілі. Але я магу сказаць, што мне вельмі пашанцавала з вучнямі. Яны разумныя, добразычлівыя, адказныя.
За плячыма больш за год працы, шмат праведзеных ўрокаў. Мая праца прыносіць мне многа радасці, натхнення, новых ідэй. Я ганаруся сваёй прафесіяй, таму што настаўнік – гэта важны чалавек ў жыцці кожнага. Я зразумела, што ад таго, якія настаўнікі сустрэнуцца на шляху, залежыць далейшы лёс маіх вучняў.
Прафесія настаўніка высакародная. Таму я з гонарам магу сказаць кожнаму: я – настаўнік! І я прыкладу ўсе намаганні, каб авалодаць сакрэтамі педагагічнага майстэрства.